МІ́НСКАЯ БАЛО́ТНАЯ ДО́СЛЕДНАЯ СТА́НЦЫЯ,

першая навук. ўстанова па культуры балот у Расіі і Беларусі. Засн. 21.8.1911 у Мінску паводле рашэння балотнай камісіі Мінскага губ. земства. 1-ы дырэктар А.Ф.Флёраў. Праводзіла навук. даследаванні ў галіне земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, геабатанікі, аграхіміі і агратэхнікі. Мела доследную гаспадарку (7,5 дзесяціны балотнай глебы каля прыпынку Лахва Палескай чыг.). У 1912—17 выдавала час. «Болотоведение» (з 1915 выходзіў у Маскве), які публікаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навук. артыкулы, паведамленні аб новых машынах па асушэнні балоцістых глеб і здабычы торфу, агляды айч. і замежнай л-ры па балотнай справе. У 1912 удзельнічала ў юбілейнай с.-г. і саматужнай выстаўцы, арганізаванай Смаленскім т-вам сельскай гаспадаркі, у нарадзе па кармавых раслінах, лугаводстве і асушэнні балот Беларусі і Літвы. У 1913 пераўтворана ў раённую. У зону яе дзейнасці ўваходзілі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губ. У 1930 на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балот Бел. дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)